Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР

Штораз, калі стаіш на ўскрайку парэцкага парку, які ўласна заклаў Раман Скірмунт, і глядзіш на ягоную магілу, задаешся пытаннем: “Няўжо так плаціць родны край за любоў і адднасць?” Вось яна, удзячнасць Радзімы, цеплыня Бацькаўшчыны? Бянтэжыць гэтая несправядлівасць, і на сённяшні дзень застаецца катэгарычна не пагаджацца з такім раскладам.

Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР

Раман Скірмунт (1868-1939)

На календары чорны дзень – 78 гадоў таму ў Парэччы (Пінскі раён) без суда і следства забілі Рамана Скірмунта (1868-1939). Заможны прамысловец, выбітны палітык, фундатар грамадскага руху, прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі без сумневу знаходзіцца ў нацыянальным пантэоне. Яго імя з’яўляецца сінонімам свабоды і незалежнасці. Але яшчэ дагэтуль нашчадкі не асэнсавалі ўсіх спраў Скірмунта; гэта доўгі шлях, і пачаўся ён адразу ж пасля стрэлаў катаў.

На працягу амаль усяго ХХ стагоддзя з беларуса рабілі манкурта – “пана касы і сахі”. Такую ролю адвялі беларусу бальшавікі, і таму такім асобам, як Раман Скірмунт, нават тэарэтычна не было месца на гэтай зямлі. Паўстагоддзя ўдзячныя жыхары Парэчча захоўвалі памяць пра слыннага сына Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя не першы раз распавядае пра Скірмунта. У нашых матэрыялах “Прэм’ер Беларусі, які не рызыкнуў стаць дыктатарам”, “За год да абвяшчэння БНР” і “Забойства верагоднага прэзідэнта” магчыма больш даведацца з біяграфіі дзеяча. Цяпер засяродзім увгу на тым, як адбывалася вяртанне з ценю гісторыі імя прэм’ера БНР.

Скірмунта, разам з мужам сястры Баляславам, расстралялі недалёка ад вёскі па дарозе ў Пінск, там жа забойцы – мясцовыя прыхільнікі бальшавікоў – прыкапалі цела. Удзячныя сяляне, якія не змаглі выратаваць жыццё Чалавека, наважыліся пад страхам смерці на перапахаванне. Ноччу цела Рамана Аляксандравіча перавезлі ў парк і пахавалі. На тым месцы паставілі велічэзны драўляны крыж. Ён у паваленым выглядзе захаваўся да 1992 года.

Беларусь вярталася да будаўніцтва ўласнай дзяржаўнасці. У 1992 годзе старажылы вёскі паказалі пінскім краязнаўцам Аляксею Дуброўскаму, Эдварду Злобіну і журналісту Вячаславу Ільянкову магілу ды ў падрабязнасцях распавялі пра кастрычніцкую трагедыю 1939 года. Рэшткі драўлянага крыжа прыбралі і ўсталявалі металічны крыж, ён захаваўся да нашага часу. Гэта магіла не толькі Рамана, але і забітага разам з ім Баляслава, мужа сястры Халены. У тым жа годзе ў мясцовай прэсе пачалі з’яўляцца першыя артыкулы пра Скірмунта.

Паколькі Раман Скірмунт займаў належнае яму месца ў гістарычнай літаратуры, пастолькі на яго вешалі розныя абразлівыя ярлыкі кшталту “фон Скірмунт” – намякаючы на тэлеграму імператару Нямеччыны альбо “пан Скірмунт” – намякаючы на прыналежнасць да Польшчы, а не Беларусі. Толькі вось ўсё гэта няўдалыя спробы.

Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР Усталяванне крыжа, 1992 год. Выгляд магілы пасля візіту Аляксандра Мілінкевіча, 1 верасня 2007 год. Крыж усталяваны КХП-БНФ, красавік 2008 год.

Пра зварот да Вільгельма. Супраць Скірмунта выкарыстоўваюць тэлеграму, якую за ягоным подпісам у красавіку 1918 года атрымаў нямецкі імператар Вільгельм. У тэлеграме, між іншым, “выказвалася падзяка за вызваленне краю ад чужога ўціску і анархіі ды прасіла (Рада БНР – аўт.) падтрымкі ў справе ўмацавання цэльнай і непадзельнай Беларусі”. Давайце паразважаем.

Па-першае, паўнапраўнага расейскага ўрада не было. Да каго звяртацца? Да “чырвонай” Масквы або да Юдзеніча з Дзянікіным, якія ўсе разам і чуць пра вольны беларускі край не хацелі. Па-другое, Нямеччына па стане на вясну 1918 года была самай моцнай дзяржавай Еўропы, а, як вядома, Скірмунт са сваімі паплечнікамі не адрываў Беларусь ад еўрапейскай цывілізацыі. Ёсць і трэцяе, што даводзяць гісторыкі: “дзяржава, якая ўвязалася ў 1914 годзе ў самазабойчую вайну з немцамі, запаланіўшую і беларускую зямлю, – імперыя Раманавых – не з’яўлялася для Р.Скірмунта Радзімай у поўным сэнсе гэтага слова. Яна таксама была заваёўнікам, “заборцам” яго гістарычнай радзімы Вялікага Княства Літоўскага. Тым больш не магла стаць для яго Радзімай імперыя бальшавікоў, якіх ён не выбіраў і якім не прысягаў, але якія пачалі бязлітасна разбураць вякамі асвечаны парадак у яго родным краі”.

Збор успамінаў пра Скірмунта. У жніўні 2000 года гісторык Алесь Смалянчук арганізаваў са сваімі студэнтамі экспедыцыю ў Парэчча з мэтаю апытаць і запісаць успаміны пра Скірмунта. Такіх навуковых вандровак было некалькі, і ў выніку паўстаў добры архіў. Дзякуючы назбіранаму матэрыялу з’явілася некалькі грунтоўных артыкулаў. Смалянчук так сказаў пра трагічны канец Рамана Аляксандравіча: “Забілі Рамана Скірмунта, забілі чалавека, які мог быць першым беларускім прэзідэнтам. І ён цалкам адпавядаў бы гэтай ролі, бо быў разумным і добра адукаваным, меў вялікі палітычны і жыццёвы досвед, не быў абцяжараны ідэалагічнымі догмамі, любіў Беларусь і шукаў у палітычнай дзейнасці не ворагаў, а сяброў”.

Увогуле, гісторык дасканала даследваў асобу і дзейнасць прэм’ера БНР і неўзабаве мусіць пабачыць свет кніга пра Скірмунта.

З’яўленне другой магілы Скірмунта. У 2003 годзе пінскія сябры КХП-БНФ на чале з мастаком Яўгенам Шатохіным усталявалі драўляны крыж з таблічкай “Раман Скірмунт (1868-1939)”. Ён стаіць на месцы пагорка за некалькі метраў ад першай магілы. Ёсць версія, што сяляне паспелі зрабіць склеп для Рамана Аляксандравіча. Узгорак – таму сведчанне. Канешне, цяжка паверыць у тое, што хтосьці ўночы будаваў склеп, ды і часу на гэта патрабуецца значна больш, чым выкапаць магілу. Тое, што склеп на тым месцы можа быць, – цалкам верагодна, але пахаваны там не Раман Скірмунт, а яго брат Аляксандр. Ён трагічна загінуў у Варшаве ў 1924-27 гадах. Адна з асноўных версій – самагубства з-за картачных даўгоў. Гэтую версію прызналі ў сям’і Скірмунтаў. А так як сям’я была набажнай, то размовы пра пахаванне самазабойцы ў радавым склепе і весціся не магло. Таму Раман, як чалавек свецкі, прыняў рашэнне пахаваць брата ў парку, пабудаваўшы склеп.

Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР Сучасны выгляд магілы прэм’ера БНР, 2015 год.

Афіцыйнае прызнанне. У сярэдзіне 2000-х гадоў імя Рамана Скірмунта з’явілася ў школьных падручніках па гісторыі Беларусі. Увосень 2008 года пры ўваходзе ў Парэчанскі парк Пінскі райвыканкам паставіў валун з надпісам: “У в.Парэчча нарадзіўся і жыў вядомы палітычны і грамадскі дзеяч Раман Аляксандравіч Скірмунт”. Памятны знак усталявалі з нагоды 140-годдзя, але трэба адзначыць, што папярэджала гэтаму вясновая акцыя. У красавіку грамадскія актывісты размясцілі на драўляным крыжы шыльду, якую ў хуткім часе скралі невядомыя асобы.

Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР Валун усталяваны пінскімі раённымі ўладамі. Шыльда з нагоды 140-годдзя ад грамадскіх актывістаў, красавік 2008 год.

Жыве памяць – жыве традыцыя! Аматары мінуўшчыны, грамадскія актывісты і наўпрост неабыякавыя грамадзяне штогод прыязджаюць да магілы Скірмунта – 25 сакавіка (абвяшчэнне БНР), 25 красавіка (нараджэнне) і ў кастрычніку (забойства).

Надыходзіць 150-годдзе. У 2018 годзе Беларусь чакае знакавы юбілей – 100 годдзе абвяшчэння БНР і вельмі сімвалічна, што круглы юбілей будзе ў аднаго з кіраўнікоў рэспублікі. На Піншчыне ўжо вядзецца падрыхтоўка, і ў хуткім часе грамадскае аб’яднанне “Садружнасць Палесся” абяцае агалосіць план урачыстасцяў. Канешне, постаць Скірмунта мае агульнанацыянальны маштаб, таму застаецца спадзявацца, што мерапрыемствы з нагоды 150-годдзя пройдуць не толькі на Пінскім Палессі.

Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР   Каля драўлянага крыжа, 2015 год.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Share Button