Прыгоды палешука ад “краіны багнаў” да Аўстраліі

Шмат беларусаў зрабілі свае імя па-за межамі Бацькаўшчыны: хтосьці стаў навукоўцам, хтосьці палітыкам, хтосьці мастаком і гэты ланцуг вялікі. Але ж куды больш тых, хто дзякуючы штодзённай руплівай працы, захоўваючы ў сэрцы месца для беларушчыны, аздобіў ёй чужыну. Так і нашы герой, пінчук Мікалай Яўсеўскі пазнаёміў далёкую Аўстралію з сапраўднай палескай песняй, вершамі ды танцамі. На зялёным кантыненце яго ведаюць як спевака, кампазітара і паэта.

А ўсё пачалося ў 1928 годзе ў сям’і пінскага святара. Мікалай з дзяцінства марыў стаць вайскоўцам. Часцяком апранаў бацькавы боты, рабіў драўляны меч і, нібы маленькі Напалеон, маршыраваў па вуліцах Пінска. Вайсковы гарт даў бацька, які ў гады Грамадзянскай вайны на прасторах былой Расейскай імперыі служыў у вайсковым фарміраванні ўкраінскіх сечавых стральцоў, што служылі на баку УНР. Мікалай ведаў ўкраінскія вайсковыя песні, байкі і легенды, што стварала яму багата праблем у школе.

Пінск за польскім часам, сярэдзіна 1930-х гадоў, radzima.org

Да 1939 года Пінск, як і ўся Заходняя Беларусь, уваходзіў у склад Польшчы згодна з ганебнай Рыжскай дамовай, што ў сакавіку 1921 года штучна падзяліла нашую краіну. У міжваеннай Польшчы дэклараваліся свабоды і правы нацыянальным грамадам, але на справе стаўленне да любой праявы “не польскага” было не зусім добрае.

“Настаўніца гісторыі хваліла польскае войска. Апявала адвагу арміі ў змаганні за адраджэнне Другой Рэчы Паспалітай і спытала: “Якое, вы думаеце, войска найлепшае ў свеце?” Тады ніхто не хацеў адказваць, глядзелі на мяне. Адразу падняў руку і адказаў: “Казакі!”. “Сядай, дурань рускі!” – закрычала настаўніца. Да канца навучальнага года ніхто з настаўнікаў здавальняючую адзнаку не паставіў, хоць я і імкнуўся, а ў спорце быў самы першы, але … Стаў ізгоем для адміністрацыі і педагагічнага калектыва”, – з успамінаў Яўсеўскага.

Другая Сусветная карэнным чынам змяніла лёсы мільёнаў людзей. Убачыўшы вайну, Мікола адмовіўся ад мары стаць бравым жаўнерам і папрасіў бацькоў запісаць яго на музычныя курсы, дзе старанна вучыўся гульні на скрыпцы. У 1943 годзе 15-гадовага юнака нацысты мелі намер адправіць на працу ў Нямеччыну. Даведаўшыся пра гэта, маці пабегла ў працоўнае бюро з макетам карабля, які ўласнаручна сабраў сын. Гэта было яго хобі. У бюро вырашылі, што Мікалая вывозіць не варта, але забіраюць у тэхнічную школу. Праз год у Пінск ўвайшла Чырвоная Армія і сям’я Яўсеўскіх паспяшалася выехаць у Заходнюю Нямеччыну. Бацька Мікалая ведаў, што святарам, а тым больш яму, які змагаўся супраць бальшавікоў, у краіне Саветаў існаваць спакойна не дадуць.

Пінск за польскім часам, сярэдзіна 1930-х гадоў, radzima.org

Пасля вайны пачалося цяжкае жыццё ў лагерах для бежанцаў. Ратавала тое, што пінчук выдатна валодаў ангельскай мовай і без праблем быў прыняты на працу ў вайсковую амерыканскую тэхнічную частку.

“Яны добра да мяне паставіліся. Не кожны з нашых людзей ведаў ангельскую і мог свабодна размаўляць, распавядаць, чаму пакiнуў родны край. Мне было цікава чытаць іхнія газеты. Аднойчы ў мяне спыталі, што я рабіў падчас вайны. Я ім адказаў: “Быў вельмі брутальным жаўнерам”. Усе засмяяліся. У кутку стаяла стрэльба, схапіў маментальна. Смех прапаў, усе перапалохаліся, завісла паўза: “Вось бачыце, а вы мне не верылі”, – супакоіў перапалоханых амерыканцаў”, – з успамінаў Яўсеўскага.

У лагерах паляшук прабыў да 1950 года. За гэты час авалодаў інжынерскай справай, пачаў выступаць у хоры і балеце. Актыўна займаўся лёгкай атлетыкай, з грандыёзным поспехам выступаў на лакальных і міжнародных спаборніцтвах, якія ладзіліся сярод уцекачоў.

У 1951 г. пераехаў у Аўстралію, назаўжды пакінуўшы мацярык. На працягу дзесяці гадоў пражыў у Мельбурне. На жыццё вырашыў зарабляць спевам, бо доўгія гады блізкія і знаёмыя хвалілі ягоны голас. Усё атрымалася на першых выступах. Аўстралійская публіка прыняла палешука, як гавораць, на ўра. Мікалай паступіў у мясцовы музычны каледж, каб падцягнуць вакальныя дадзеныя. Пасля заканчэння абраў оперу. Гледачы надоўга запомнілі яго па ролях Мефістофеля з оперы „Фаўст” і Карася з оперы “Запарожац за Дунаем”.                                                                            

Пінск за польскім часам, сярэдзіна 1930-х гадоў, radzima.org

У 1961 годзе перабраўся ў Сіднэй, дзе застаўся назаўжды. Тут спраўдзілася мара Яўсеўскага – стварыў фольк-гурт. Перакладаў палескія песні на ангельскую мову. Поспех быў ашаламляльны. На гэтай ніве паляшук зарабіў свой капітал. Ажно да сталага ўзросту выступаў сольна. Рэпертуар складаўся з 300 кампазіцый, і не толькі з народных, але і італьянскіх, польскіх, нямецкіх песняў. Аўстралійская прэса працяглы час называла яго адным з лепшых выканаўцаў.

У 2000 годзе прыняў актыўны ўдзел у адкрыцці Генеральнага консульства Украіны ў Сіднэі. Даходы дазвалялі Мікалаю Яўсеўскаму заняцца дабрачыннасцю. Аказваў фінансавую дапамогу дыяспары і найстарэйшай украінамоўнай газеце Аўстраліі “Вільна думка”. Дарэчы, у гэтым жа выданні, у свае 82 гады, пачаў весці адмысловую рубрыку “Прыгоды ў падзеях свету”. Няхай Мікалай Яўсеўскі не стаў кіраўніком Аўстраліі, як ягоны зямляк Хаім Вейцман прэзідэнтам Ізраіля, але адкрыў “краіне кенгуру” прыгажосць роднага Пінскага Палесся.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Share Button