«Пінск. Постацці. Падзеі» гістарычная віктарына да Дня сталіцы Палесся

Сёлета сталіца Палесся – Пінск адзначае 919 годдзе. У сувязі з гэтай урачыстай нагоды Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Інстытуцыйнага развіцця» і буйнейшы пінскі бізнэс-каталог Pinsk.eu праводзяць краязнаўчы конкурс «Пінск. Постацці. Падзеі». Пераможцу чакае годны прыз, які б хацеў займець кожны. Конкурс «Пінск. Постацці. Падзеі» складаецца з 50 пытанняў па гісторыі Пінска і яго аколіц. Палова тычыцца знакавых падзей і яшчэ столькі ж асобаў, якія зрабілі значны ўнёсак для горада і рэгіёна. Пераможа той, хто першым правільна адкажа.

Апошні дзень праёма лістоў – 30 верасня, дасылаць на usa-by@tut.by.

Прыз – унікальнае выданне «Палессе Луізы Бойд». Летась у рамках праекта «Дарогамі экспедыцыі Луізы Арнер Бойд. Да 80-годдзя легендарнай экспедыцыі амерыканкі» Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Інстытуцыйнага развіцця» выдала гэты фотаальбом. Ён не паступаў у продаж і мае невялічкі наклад у 200 асобнікаў, які амаль увесь разышоўся па бібліятэках і музеях краіны. Некалькі засталося ў арганізацыі. Праект, які падрымала Пасольства ЗША і беларускія ўлады сёлета працягваецца ў форме фотаконкурса імя Луізы Арнер Бойд. Pinsk.eu з'яўляецца інфармацыйным партнёрам, таму сачыце за абнаўленнямі.

Пытанні краязнаўчага конкурса «Пінск. Постацці. Падзеі»:

1. Афіцыйнай датай заснавання горада над Пінай лічыцца 1097 год, але ёсць думкі, што Пінск значна старэйшы. На якой падставе выказваюцца такія меркаванні?

2. Гэтая жанчына паспяхова ажыццявіла адміністрацыйна-эканамічную рэформу на пінскіх землях у пачатку XVI-га стагоддзя. Назавіце яе імя і кораценька распавядзіце пра яе жыццёвы лёс.

3. «Палеская акруга» і «Дрыгавіцкая зямля», як гэтыя тэрытарыяльна-адміністрацыйныя адзінкі звязаныя з Пінскам?

4. Ураджэнец Піншчыны. Пісар Вялікага княства Літоўскага, сенатар Чатырохгадовага сейма Рэчы Паспалітай, прыклаў намаганні, каб апошні кароль РП Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наведаў Пінск. Як імя земляка?

5. Ці быў Пінск цэнтрам Палескага ваяводства ў часы ўваходжання ў склад міжваеннай Польшчы? Калі «так», то ў якія гады, а калі «не», то які меў статус за польскім часам?

6. «Лічу сябе аптымістам. Праўда, такім, які стаіць абедзвюма нагамі на зямлі і бачыць рэчаіснасць. Толькі мяне гэтая рэчаіснасць не схіляе да песімізму; я ў ёй заўсёды імкнуся знайсці падставы для аптымізму і мяркую, што абраў для сябе найбольш адпаведныя адносіны да жыцця…», — каму належыць гэты выраз?

7. У 1227 годзе пінскі князь Расціслаў Святаполчыч аказаў падтрымку князю шумскаму Яраславу Інгваравічу – які горад захапілі саюзнікі? За гэта Расціслаў атрымаў Чартарыйск, дарэчы заваяваны горад цяпер таксама ў складзе суседняй Украіны і нават з'яўляецца абласным цэнтрам.

8. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, герой вайны, ўпаўнаважаны кіраўніцтвам краіны па актывізацыі патрыятычна-падпольнага руху ў Пінскай вобласці. Пра каго ідзе гаворка?

9. У якім годзе пінскі князь Яраслаў Юр'евіч разам з братамі разбіў палавецкага хана Канчака і ў якім месцы?

10. Калі верыць летапісам, то пінскі князь скарыстаўся нападам ляхаў на Уладзімір-Валынскі і заняў частку тэрыторыі Валынскага княства, але неўзабаве пацярпеў паразу і акрамя таго атрымаў асабістае пакаранне ад раз'юшанага суседа. Хто гэты князь?

11. Чым абумоўлена хуткае ўзвышэнне Пінскага княства над Тураўскім і ў якім стагоддзі?

12. «Школа, гэта не сцены з дахам, гэта напрамак у мастацтве, які імкнуся стварыць у Пінску…», — каму належыць прыведзены выраз?

13. У якія гады Пінск апыняўся ў складзе Украіны?

14. Пазнайце знанага земляка пра якога гісторык Станіслаў Рудовіч напісаў: «спадзяваўся прыцягнуць германскі капітал і тэхніку для асушэння Палесся, што, на яго думку, паспрыяла б хуткаму развіццю жывёлагадоўлі і дазволіла б нават ажыццяўляць вытворчасць кармоў на экспарт».

15. Вядома, што пінскія князі неаднойчы хадзілі з валынскімі суседзямі на Літву і здабывалі шмат перамог, але калі адбылося ўваходжанне Пінскага княства ў склад Вялікага княства Літоўскага? Хто тады ўладарыў у ВКЛ?

16. Дырэктар пінскага музея, выкладчык гімназіі, былы дырэктар прыватнага рэальнага вучылішча, знікнуў без звестак у 1941 годзе. Назавіце імя асобы.

17. «Мяшчан пабіў больш 3000 чалавек і жонак іх і дзяцей загадаў пабіць без міласці…», — якая ўзгадваецца жудасная падзея?

18. Як звалі маскоўскага ваяводу, што падчас вайны Рэчы Паспалітай з Масквой разграбіў Пінск і яго аколіцы?

19. Калі адбыўся візіт апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Пінск і што Вам вядома пра ўрачыстасці звязаныя з гэтай падзеяй?

20. Кіраўнік Пінска ў часы знаходжання горада ў міжваеннай Польшчы, сенатар Польшчы, легенда руху скаўтаў Польшчы. Ці ведаеце Вы такога пінчука?

21. Сёлета юбілей – 510 годдзе. Юбілей чаго ці каго?

22. Мастацтвазнаўца, дзякуючы якому Пінск займеў сваю карцінную галерэю, якую назвалі няйначай як «Пінская траццякоўка», што цалкам адпавядае рэальнасці. Справа ў тым, што галерэя саступае толькі Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі. Дык каму мы за яе павінны быць удзячныя?

23. «10 злотых, красавік, 1933 год…», — пра нешта кажа?

24. Якім чынам Чэслаў Мергенталер звязаны з Пінскам?

25. Так сталася, што ў XVIІ-стагоддзі з Пінскам звязаны лёс трох святых, якія займаюць важнае месца ў хрысціянскім свеце. Назавіце іх імёны і мо ведаеце нешта пра пакутніцкі лёс дзеля веры?

26. Гэтую страту для Пінска параўноўваюць са стратай Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Якую святыню знішчылі бальшавікі ў жніўні 1953 года?

27. «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям'і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да 17 стагоддзя карысталіся беларускай мовай як хатняй…», — чые словы?

28. 12 студзеня 1581 года кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Пінску … ?

29. Назавіце імёны першых рэдактараў «Палескай праўды» і «Пінскага весніка».

30. Ці праўда, што ў 1991 годзе Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў адзін з нямногіх у СССР, ды яшчэ першым, асудзіў дзеянні ГКЧП і агучыў патрабаванне вярнуць краіне законнага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова? Можа ведаеце больш пра падзеі жніўня 1991 года ў Пінску?

31. Яго называюць «імператар рэпартажу».

32. Калі ў горадзе над Пінай з'явілася першая тэлефонная сетка?

33. «Нідзе не бачыла такога, адзінага ў сваім родзе, захапляльнага відовішча як пінскі кірмаш. Гэта месца, дзе насельніцтва, якое пражывае ў радыусе некалькіх кіламетраў, сустракаецца, каб прадаць свае вырабы, павітаць адзін аднаго і разам выпіць гарбаты, піва ці выгнанай з бульбы гарэлкі ў невялічкіх шынках. Дзень кірмашу, на самой справе – сапраўдны святочны дзень…», — хто так выказаўся пра легендарны пінскі кірмаш?

34. У якім годзе свой першы сігнал дала тэле-радыё кампанія «Пінск»?

35. Хто з'яўляецца заснавальнікам і быў першым дырэктарам Музея Беларускага Палесся?

36. Ці праўда, што Музей Беларускага Палесся заўжды месціўся ў будынку езуіцкага калегіума?

37. Вядомы мастак-графік, педагог, заснавальнік Пінскай дзіцячай мастацкай школы …?

38. Калі была ўтворана Пінская дыяцэзія (каталіцкая епархія) і Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная каталіцкая семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага?

39. Якім чынам знаны актор тэатра і кіно, Народны артыст СССР Яўген Веснік звязаны з Пінскам?

40. «Створана 19 красавіка 1919 г. У 1922 г. галоўнай базай … становіцца Пінск. З таго часу яе пачынаюць называць … . У Пінску у 1920–30 гг. існавалі ваенны порт, казармы, склады і ангары. Галоўнай задачай … Другой Рэчы Паспалітай была дазорная служба на палескіх рэках. У яе складзе знаходзіліся 6 рачных манітораў, 3 рачныя канонерскія лодкі і 19 бронекатэраў», — пра што вядзецца гаворка?

41. Назавіце імя першага кіраўніка Пінска ў часы незалежнай Беларусі.

42. Пінскія старажытныя могілкі, што па вул.Спакойнай называюць – Пінскі некропаль, на якой падставе і да якога часу адносяць першыя пахаванні?

43. Архітэктар, удзельнік вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў, бацька знанай публіцысткі, яго магіла захавалася на пінскіх старажытных могілках. Ці ведаеце такога земляка?

44. У Пінску ёсць футбольны клуб «Хваля», а калі ён заснаваны і як называўся раней? Мо ведаеце знаных гульцоў альбо заўзятараў?

45. Што аб'ядноўвае гэтыя імёны: Уладзімір Цімошчанка, Васіль Шуст, Аляксандр Гордзіч?

46. Улетку 1905 года ў Пінску адбылася вялікая бяда – згарэла хрысціянская святыня. Доўгі час пінчукі спрабавалі аднавіць рэлігійнае жыццё на святым месцы і ўрэшце здарылася. Якую святыню знішчыла пажарышча і што цяпер на тым месцы?

47. Што аб'ядноўвае гэтыя імёны: Анатоль Шушко, Валерый Грышкавец, Марыя Кобец?

48. «Грошай на будаўніцтва шапікаў, крамаў, рэстаранаў не шкадавалі. Усіх удзельнікаў сустракала вялікая скульптура «Паляшук з вяслом», а ў цэнтры помнік Пілсудскаму. На галоўнай алеі зрабілі стэнды па гісторыі Палесся. Усё падзялілі на сектары: павільёны сувязі, прамысловасці, адукацыі, культуры і інш. Працавалі майстэрні: дыванаткацкая, гарбарная ды мэблевая. Кожнага палешука цікавіў шалаш з рознымі рыбалоўнымі прыладамі. Іншаземец мог даведацца ўсё пра Палессе, традыцыі і норавы жыхароў балотнай краіны», — да чаго так падрыхтаваўся Пінск і ў якім годзе?

49. «Піна і Прыпяць. І іх не адолець ніякай бядзе і вайне. Новыя хвалі свабодна бягуць і няспынна. Зліваюцца рэкі у долю адну ува мне – Прыпяць і Піна», — каму належаць гэтыя словы пра наш гонар – нашы рэкі?

50. Які ўнёсак зрабіла легендарная амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд для Пінска і ўсяго палескага краю?

Share Button