Палессе, якога яшчэ не бачылі

У Злучаных Штатах Амерыкі захоўваецца ўнікальная калекцыя здымкаў “краіны багнаў”, зробленая сусветна вядомай вандроўніцай Луізай Арнер Бойд. Яны дагэтуль нідзе не друкаваліся. Легендарная амерыканка ўвосень 1934 года наведала Пінскае Палессе. Інфармацыю пра здымкі паведамілі заакіянскія партнёры Гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Садружнасць Палесся”.

Навіна прыйшлася ў самы раз, бо аб’яднанне рыхтуе на Піншчыне шэрах мерапрыемстваў з нагоды 130-годдзя Луізы Арнер Бойд.  Між іншага запланавана стварэнне экспазіцый у Музеі Беларускага Палесся (Пінск) і Народным літаратурна-краязнаўчым музеі Якуба Коласа (Пінкавічы, Пінскі раён), прысвечаных экспедыцыі, а таксама выданне паштовак з выявамі палескіх краявідаў, што трапілі ў аб’ектыў амерыканкі і г.д.

Парадокс гісторыі, але да нядаўняга часу Луізу Бойд, як даследчыцу Палесся, шырока ведалі дзе заўгодна, але не ў Беларусі. Сітуацыя змянілася літаральна два гады таму, калі на Піншчыне краязнаўчая каманда “Садружнасць Палесся” рэалізавала доўгатэрміновы праект пры падтрымцы Амбасады ЗША. У межах праекта “Дарогамі экспедыцыі Луізы Арнер Бойд. Да 80-годдзя легендарнай экспедыцыі амерыканкі” створаны турыстычны маршрут, усталяваны памятны знак у гонар экспедыцыі, зроблена дакуменатальная стужка і выдадзены фотаальбом пад аднайменнай назвай “Палессе Луізы Бойд”. Выданне атрымалася сапраўды цікавым. Бо “палескія запісы” Луізы Бойд, а таксама біяграфія вандроўніцы ніколі раней не публікаваліся на беларускай мове ды таксама ў Беларусі не было выдання здымкаў Бойд. Усяго выданне ўвабрала ў сябе 100 здымкаў, якія знаходзяцца ў публічным карыстанні з часоў экспедыцыі. 

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/palesse-yakoga-yashche-ne-bachyli/

Share Button