Каго ці чаго больш смерці баяўся паляшук?

Самае папулярнае восеньскае свята Заходняй Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі – Хэлоўін – усё больш прасоўваецца ў Беларусь. Галоўным чынам гэта робіць моладзь, якая лічыць старажытнае свята кельтаў нечым, як яны кажуць на сваім слэнгу “хайповым”. Хіба не менш за юнакоў Хэлоўін папулярызуюць рэкламшчыкі. Усё ж афіцыйна рэакцыя нейтральная, хаця праваслаўная царква і некаторыя “ідэалагічныя адэпты” бачаць у гэтым прасоўванне амерыканізму. Спрабуюць нават супрацьстаяць, хаця куды больш амерыканшчыны ў тых жа сусветнавядомых брэндах напояў, фаст-фудах і г.д. Але ж справа не ў традыцыйным свяце англамоўных краін.

Летась Беларускае Радыё Рацыя прыгадала, як на Пінскім Палессі мясцовыя жыхары змагаліся з нячыстым духам, верылі ў вампіраў і не давалі памерлым устаць з магіл (гл.: Гісторыя на Хэлоўін, або Беларуская Трансільванія). Цяпер пагамонім пра тых пачвар, якіх больш смерці баяўся паляшук, а мо наўпрост і звязваў са смерцю.

Пад уплывам савецкіх тэлевізійных казак ужо не адное пакаленне лічыць, што на беларускай зямлі толькі і баяліся Кашчэя Бессмяротнага ды Бабу-Ягу. Тое далёка не так. Як пісаў расейскі гісторык, фалькларыст Дзмітрый Булгакоўскі жыхар “краіны багнаў” нават у магіле баяўся русалкі, каб яна не замінала яму спакойна ляжаць. Вось і пачнём мы з гэтай пачвары.

(…) Русалкамі народ лічыць самагубцаў, якія заўсёды ходзяць голымі, з доўгімі валасамі, гайдаюцца на дрэвах, гуляюць ў жыце. Русалкі ні аднаго хлеба ня любяць у поле, акрамя жыта, дзе катаюць яйкі ў Наўскі Вялікдзень. Першы сродак, каб не кранула русалка, калі чалавек убачыў яе ў жыце, накрэсліць пальцам або палкай круг і ў цэнтры яго стаць. Русалка будзе кружыцца каля круга, а пераступаць празь яго не асмеліцца, кідае ў чалавека камяні; але каб яна не патрапіла, варта круг зрабіць вялікі…, – гаворыцца ў зборніку Булгакоўскага за 1890 год.

Таксама пінчукі лічылі, што на Купалле ў выглядзе жаб з’яўляюцца русалкі, якія хочуць нарабіць ім і іх жывёлам шкоды. Напрыклад у каровы скрасці малако. Таму на Купалле мясцовыя жыхары забівалі ўсіх жаб, якія трапляліся на вочы. Вось дзе было б працы тым “грынпісаўцам”. Не адзіны даследчык Палесся звяртаў увагу на набожнасць тутэйшых, але цікава, што наколькі яны прытрымліваліся хрысціянства, настолькі ж адступалі ад яго ў сваіх рэлігійных поглядах. Так асоба, якая мела сэксуальную сувязь з д’яблам, магла рабіць і добрыя справы.

(…) Знахар. Гэты чалавек, маючы зносіны з нячыстаю сілаю, займаецца большаю часткай лячэннем хвароб і ў выключных выпадках шкодзіць чалавеку. Чараўнік. Чараўнік заўсёды пры зносінах з сатаной апранае на сябе хамут. Пасля смерці сваёй, чароўнік ходзіць і перш за ўсё палохае свой дом, у якім ён жыў. Прыйшоўшы ў дом, чараўнік б’е гаршкі, кідае хлеб, яйкі і ўсё, што трапіцца пад руку; выганяе скот з хлявоў, нават скідае дах з хаты. Каб не хадзіў чараўнік, варта забіць на магіле яго ў галаве асінавы кол. Калі гэты сродак не спыніць чараўніка, то трэба абсыпаць яго магілу і той дом, у які ён ходзіць, асвячоным самасеянным макам. Яшчэ чароўніка, які ходзіць пасля смерці называюць упырём.

Дарэчы, тэма сэкса, кахання – для паляшукоў не была пад табу ці нечым такім, каб сароміцца. Пра тое шмат песняў, прымавак, паданняў, але гэтую тэму пакінем на наступны раз. Дык вось, зноў бачым “магіла”, трэба нешта зрабіць, каб той чараўнік не ўстаў. Залупіць асінавы кол. І што цікава, забівалі ж. Так амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд, наведаўшы з навуковай экспедыцыяй Піншчыну ўвосень 1934 года не разумела, навошта мясцовае насельніцтва кладзе нейкія калоды на магілы. Іх на Палессі называюць “нарубамі”. Між іншага ёсць версія, што так паляшукі змагаліся з вампірамі.

Што тут паробіш, у кожнага свая міфалогія і ўяўленне пра дабро і зло. У наш час на Палессі хучэй ад старых пачуеш: “Баяцца трэба не мёртвых, а жывых”. Месца страшылак даўно заняла крымінальная тэма і нажаль, гэта рэальнасць…

Беларускае Радыё Рацыя

Share Button