Эпоха ў гісторыі Пінска. Да 70-годдзя Яўгена Шатохіна

Доўгія размовы пра сённяшні дзень перарываліся ўспамінамі, і з дазволу суразмоўцы ўключаў дыктафон. Амаль дзесяць гадоў таварыства і цяпер гэта важны архіў у асабістай фанатэцы. Падкраўся зручны момант праслухаць тыя запісы, каб Яўген Сяргеевіч уласна расказаў пра свой шлях. На жаль, жыццёвага часу выпала мала для рэалізацыі ўсіх задум, але аказалася дастаткова, каб пакінуць яркі след у гісторыі Пінска і беларускага мастацтва.

Яўген Сяргеевіч Шатохін (25 лютага 1947 – 22 студзеня 2012) – беларускі мастак-графік, педагог, грамадска-палітычны дзеяч. Адзін са стваральнікаў, першы дырэктар дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў Пінску. У 1990-99 гадах дэпутат Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў – старшыня камісіі па культуры, справах рэлігіі і спорту. З моманту стварэння ў 1991 годзе Беларускага саюза мастакоў уваходзіў у склад кіраўніцтва арганізацыі. Працы Шатохіна, якія перадаюць прыгажосць родных мясцін, адлюстроўваюць гістарычнае мінулае Беларусі, знаёмяць з унікальнасцю тутэйшай архітэктуры і побытам людзей, захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Францыі, ЗША, Бельгіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Украіны і Расеі. Прызнанне: званне “Ганаровы грамадзянін горада Альбер” (Францыя), медаль горада Перона (Францыя), медаль БСМ “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.

Басаногае дзяцінства

Кажучы пра дзяцінства, Яўген Сяргеевіч быў нешматслоўным, узнікала ўражанне, што яму цяжка даецца гартаць тыя старонкі памяці. Паўтараў: “Ніхто з маёй сям’і і суседзяў не паверылі б тады, што я чагосьці такога даб’юся, стану тым, кім ёсць сёння”. Нічога дзіўнага, дзяцінства Шатохіна выпала на пасляваенныя гады, поўныя выпрабаванняў. Гэта спаўна адчула сям’я цяпер вядомага мастака, а тады палескага хлопца Жэні.

На фота: Бацькоўскі дом, дзе пачынаўся шлях пінчука, архіў Я.С. Шатохіна

Першыя крокі ў мастацтва

“Трапіўшы ў Дом піянераў, спачатку паспрабаваў сябе ў гуртку юных аўтамабілістаў, змяніў некалькі такіх тэхнічных гурткоў. Мне падабалася, але ўсё было не тое, проста як хобі. Аднойчы, зусім выпадкова, адчыніў дзверы: цішыня, сядзяць дзеці, малююць. Уразіла, што яны рабілі, і ўсё, больш я адтуль не сышоў”, – з успамінаў Шатохіна.

Яму пашчасціла больш за пяць гадоў займацца ў студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам таленавітага мастака Яўгена Пятровіча Пулхава (1908-1992). Ураджэнец Баранавічаў перабраўся ў Пінск у 1920-я гады. Пулхаў трапіў у выдатнае кола пінскіх творцаў: Аляксандр Лазіцкі, Фёдар Лаўроў, Павел Петразаводскі і Сяргей Муханаў. Менавіта карыкатурыст Фёдар Лаўроў прыцягнуў Пулхава да працы па афармленні легендарнай Палескай ярмаркі. Мастак актыўна займаўся ў дэкаратыўна-прыкладным напрамку, распісваў керамічныя і драўляныя вырабы. У пасляваенныя гады Яўген Пятровіч займаўся выкладаннем, сярод яго вучняў ззяе не толькі прозвішча Шатохіна: скульптары Мікалай Байрачны і Сяргей Жылевіч, жывапісец Навум Шеер.

На фота: У студыі выяўленчага мастацтва, архіў Я.С. Шатохіна

Далёкае падарожжа і станаўленне

У пачатку 1960-х гадоў Шатохін надоўга пакідае роднае Палессе. Спачатку вучоба і праца слесарам у Бранску, затым вучоба ў Арлоўскім педінстытуце і Харкаўскім мастацка-прамысловым інстытуце. Зараз гэта Харкаўская дзяржаўная акадэмія дызайну і мастацтва (ХДАДМ). У Акадэміі існуе кнiга вядомых выпускнікоў, у якую ўпісана імя пінчука.

У студэнцкія гады ўпершыню прыняў удзел у выставах і адразу буйных: Усесаюзная выстава ў Маскве і выстава маладых мастакоў Украіны. У 1973 годзе, атрымаўшы дыплом, Шатохін адпраўляецца ў паўночныя рэгіёны еўрапейскай тэрыторыі Расеі (Карэлія, Ненецкая аўтаномная акруга, Архангельская і Валагодская вобласць). Працаваў у Вялікім Усцюгу, падарожнічаў па ўзбярэжжах Белага і Баранцавага мораў, дзякуючы чаму з’явіўся цыкл “Па Беламор’і”. Знаходжанне сярод помнікаў рускага драўлянага дойлідства, назіранні за жыццём гэтага краю адлюстраваныя ў серыі прац “Паўночная вёска”, “Засваенне поўначы”, “Паўночнае надвор’е”.

На фота: Палешук у адкрытым моры, архіў Я.С. Шатохіна

Вяртанне ў родны Пінск “Удзячны далёкай Поўначы тым, што знаходзячыся на чужыне асабліва ўсведамляеш веліч роднай зямлі. Гэта тое пачуццё, якое альбо дадзена чалавеку альбо не. Мяне жыццё такім узнагародзіла і проста больш не мог удалечыні. Моцнае ўражанне, калі я трапіў на старажытныя, закінутыя могілкі. Тады падумалася: “Няўжо і мне тут ляжаць, на чужыне, сярод невядомых прозвішчаў?”. Катэгарычна вырашыў вяртацца ў родны Пінск”, – з успамінаў Шатохіна.

Мастак вяртаўся дадому на набытай і адноўленай асабіста ім яхце. Дабраўшыся да Масквы, судна пагрузілі ў спецыялізаваны чыгуначны вагон і адправілі да Гомеля, а там палескі вецер панёс па Прыпяці да Пінска. Марская справа, суднаходства ў жыцці Шатохіна займала асаблівае месца, нават цяжка сказаць, ці была тая любоў меншай або большай чым да мастацтва? Шатохін цешыў пінчукоў, калі пачыналася навігацыя “Сакавіка”, памятаю, як хацелі патрапіць на яхту маладыя…

На фота: Шатохінскі “Сакавік”, архіў Я.С. Шатохіна

Грамадска-палітычнае жыццё

Вяртанне ў Пінск супала з абуджэннем Беларусі, пачынаўся перыяд нацыянальнага адраджэння, станаўлення сучаснай беларускай дзяржаўнасці. У гэтым працэсе Шатохін сыграў важную ролю, асабліва на рэгіянальным узроўні.

“Усю агітацыйную прадукцыю рабіў сам. Маляваў плакаты, транспаранты, шыў сцягі. Быў непадробны энтузіязм, самы сапраўдны адрэналін. Мая каманда збіралася ў мяне на кватэры, абмяркоўвалі сітуацыю, планавалі. Усе верылі ў лепшае і гатовыя былі рабіць усё магчымае для гэтага”, – з успамінаў Шатохіна.

4 сакавіка 1990 года гараджане абралі легендарны Пінскі Савет дэпутатаў, які ў жніўні 1991 года, адзін з нямногіх у СССР, асудзіў дзеянні ГКЧП і агучыў патрабаванне вярнуць краіне законнага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова. Яўген Шатохін прабыў дэпутатам да 1999 года. У 1995 годзе безвынікова балатаваўся ў парламент – тады Вярхоўны Савет. У 1995-98 гадах выдаваў газету “Плошча”, дзе асабліва актуальнымі і вострымі былі экалагічныя артыкула паплечніка, фатографа і краязнаўцы Аляксея Дуброўскага.

На фота: Першы апазіцыйны мітынг у Пінску, у цэнтры Яўген Шатохін

“Пад прыгожымі лозунгамі камуністаў апынуліся ў эканамічным і палітычным тупіку. Краіна развальвалася на часткі, ўспыхвалі ўзброеныя канфлікты на нацыянальнай глебе, многія з якіх да гэтага часу не вырашаныя. Неабходнасць палітычных і эканамічных рэформ узнікла даўно, аднак даверыць іх правядзенне састарэлай эліце з партыйнымі білетамі было б неразумным. Нас вельмі здзівіла пазіцыя пінскіх камуністаў. Кіраўнік дзяржавы і іх ідэйны лідар знаходзіцца невядома дзе, а яны баяцца за яго заступіцца! Дэпутаты ад дэмакратычнага блока на сесіі казалі: “Хочам вярнуць вашага генеральнага сакратара, падтрымайце нас, прагаласуйце за патрабаванне аднавіць у краіне законную ўладу!”. Многія падтрымалі, і адпаведная заява гарсавета была прынята”, – з успамінаў пра жнівеньскія падзеі 1991 года.

Яўген Сяргеевіч да апошніх дзён свайго жыцця ўваходзіў у кіраўніцтва Кансерватыўна Хрысціянскай Партыі – БНФ “Адраджэнне”. Заставаўся верным лідару партыі Зянону Пазьняку нават у самых цяжкіх і няпростых сітуацыях.

“Не разумею, як можна з году ў год мяняць лідараў, змяняць арганізацыі, перакананні. Альбо ў цябе ёсць пазіцыя і лідар, якому верыш, альбо шукаеш карысці, я так разумею. На жаль, большасць палітыканаў схільныя толькі да інтрыг, сварак і расколаў…”, – казаў Шатохін пра апанентаў.

На фота: Агітацыйныя ўлёткі Яўгена Шатохіна на выбарах 1990 года

Пінская мастацкая школа

Шатохін прыняў актыўны ўдзел у стварэнні Пінскай дзіцячай мастацкай школы, быў яе першым дырэктарам у 1988-97 гадах. Як педагог ён таксама дасягнуў значных поспехаў, бо яго вучні занялі сваю нішу ў мастацтве: знакамітыя дызайнеры, мастакі, мастацтвазнаўцы, архітэктары і не толькі ў Беларусі, а далёка за яе межамі.

“У нас былі выдатныя настаўнікі, і перш за ўсё дырэктар – вядомы мастак Яўген Шатохін. Ён быў досыць строгім, але дапускаў свабодны дух. Ён казаў: “Не малюецца, ідзі пагуляй. Няма патрэбы сядзець і прымушаць сябе”. Але пры гэтым, гледзячы на яго, ты не даваў сабе слабіны. Ты, вядома, мог пабегчы на вуліцу, але ў табе з’яўляўся самакантроль, унутраная дысцыпліна. І калі трэба было выбіраць прафесію, я разглядаў толькі маляванне”, – сказаў у інтэрв’ю TUT.BY прафесійны мастак, дызайнер Аляксандр Барычэўскі.

“Хацеў стварыць Пінскую мастацкую школу. І не як аб’ект з людзьмі, а як з’яву, кірунак у мастацтве. Школа, як тэндэнцыя”, – казаў Яўген Сяргеевіч.

На фота: Макет Пінскага мастацкага ліцэя, які імкнуўся стварыць Яўген Шатохін, цяпер на гэтым месцы галоўны корпус Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Архітэктура Пінска

“Павінна рэальна нешта быць зроблена акрамя офіса чыноўнікаў пад назвай ЗАГС. Напрыклад, павесіць мемарыяльныя дошкі Матэушу Бутрымовічу, Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і вядома ж, Яўгену Пятровічу Пулхаву. У самым ЗАГСе павінна быць месца для экспазіцыі пра гэтых асобаў. Мая прапанова выклікала агрэсію ў мясцовых чыноўнікаў. Знішчаны Каралін, знішчаны дом на рагу вуліцы ІПД і Равецкай… Прасочваецца нейкі д’ябальскі план, які бярэ пачатак ад разбурэння касцёла Святога Станіслава. Гэта пачатак знішчэння духу нашага горада. Зараз гэта ўсё працягваецца, нягледзячы на ​​тое, што змяняецца кіраўніцтва гарвыканкама, склад гарвыканкама, але гэтая палітыка застаецца увесь час”, – меркаванне Шатохіна.

Адстойваў неабходнасць захавання гісторыка-архітэктурных аб’ектаў сталіцы Палесся, выступаў супраць змены непаўторнага аблічча горада над Пінай. Чаго толькі варта яго вулічная выстава ў кастрычніку 1989 года, праз якую мастак рытарычна пытаўся, хто вінаваты ў знішчэнні ўнікальных архітэктурных каштоўнасцяў роднага горада. Дарэчы, для многіх прадстаўнікоў грамадскасці гэта стала штуршком для вывучэння гісторыі Пінска, імкнення захаваць яго архітэктуру.

На фота: Падарожжа працягваецца …

Яўген Шатохін правёў больш за 30 персанальных выстаў у краінах Еўропы, Амерыкі і Азіі, а таксама прыняў удзел у 73 рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Выхаваў цэлую плеяду мастакоў, якія праслаўляюць родны Пінск, Беларусь і працягваюць справу свайго настаўніка. Мастак памірае, як чалавек, але як асоба і творца жыве вечна…

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Share Button