Адкрыты ліст да Яго Эксэленцыі Тадэвуша Кандрусевіча

Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Садружнасць Палесся» звяртаецца з адкрытым лістом да каталіцкага архібіскупа-мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Нагодай з'яўляецца годнае ўшанаванне памяці і ўхваленне спраў першага пінскага біскупа, заснавальніка пінскай каталіцкай семінарыі Слугі Божага Зыгмунда Лазінскага. Спадзяемся, што нашы ліст будзе ўспрыняты з паразуменнем і неўзабаве зробім супольную справу на карысць Беларускага Каталіцкага Касцёла.

Адкрыты ліст да Яго Эксэленцыі

Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

Тадэвуша Кандрусевіча

Ваша Эксэленцыя!

Бачыць Стваральнік Сусвету, што гэты ліст сыходзіць ад сэрцаў тых для якіх імя Зыгмунд Лазінскі ёсць ужо святым і з’яўляецца паходняй у цяжкую гадзіну. Сябры нашага грамадскага аб’яднання, якія ёсць амаль у кожнай кропцы Брэсцкай вобласці і іх родзічы ўжо не аднойчы ўздымалі на сходах пытанне адносна працэса беатыфікацыі мінскага і пінскага біскупа. Вядома, што сёлета 60-я гадавіна, як ідзе залічэнне Лазінскага да ліку Блажэнных. Чвэрць стагоддзя таму заснавальнік і першы пінскі біскуп атрымаў ад Ватыкана тытул Слугі Божага. Наколькі вядома нашым сябрам, вернікам Беларускага Каталіцкага Касцёлу, а таксама людзям неабыякавым да хрысціянскага жыцця краіны, ў апошнія гады працэс беатыфікацыі замарудзіўся з-за таго, што Апостальскай Сталіцы не дастае цудаў звязаных з імём Зыгмунта Лазінскага.

Беларусь – пакутніцкая зямля, акропленая крывёю хрысціянскіх місіянераў, добра адчула на сябе панаванне атэістычнай улады і ворагаў краю. Але жывё Бог на Беларусі, бо не згасла хрысціянскае слова і гучаць званы касцёлаў ад Брэста да Віцебска ад Пінска да Гродна. Руйнавалі нашыя святыні, але не знішчылі падмурак, а дзякуючы каму? Нашым пакутнікам, якія ў сярэдзіне ХХ стагоддзя пранеслі Слова Хрыстова па Беларусі і не далі памерці ў сэрцах нашых перлінцы хрысціянства. Сярод гэтых сыноў імя Казіміра Свёнтэка. Так, менавіта першага беларускага кардынала.

Няўжо то не цуда, што на беларускай зямлі з’явіўся такі хрысціянскі правадыр, як Казімір Свёнтэк? Менавіта дзякуючы Зыгмунту Лазінскаму, да якога ўсё жыццё звяртаўся наш агульны ксёндз-кардынал. Вы лепш іншых ведаеце гісторыю, як юнак Казімір адчуў покліч служэнню Стваральніку Сусвету.

Няўжо то не цуда, як у цяжкую і небяспечную гадзіну кансалідаваліся пінскія вернікі вакол труны Зыгмунта Лазінскага і абаранілі ягонае цела ад бальшавісцкіх здзекаў? Не дазволілі пад пагрозаю смерці атэістам ладзіць нейкія вычварэнскія эксперыменты над мошчамі Лазінскага.

Няўжо то не цуда, што пінскія вернікі, рызыкуючы ўсім адстаялі сваю святыню і збераглі парафію? Адрадзіліся і буйнеюць?! Усё з-за таго, што патронам Палесся, Пінска, ёсць ніхто іншы, як Зыгмунт Лазінскі.

Што мы разумеем пад цудам? Канкрэтную дзею па дапамозе хвораму альбо ў нейкай складанай сітуацыі. Але ж ёсць досвед, тэндэнцыя, гістарычны аналіз ланцуга падзей. Вось з гэтай кропцы гледжання Лазінскі ніхто іншы, як святы. Пералічваць ягоныя пажыццёвыя справы можна амаль бясконца, пачынаючы ад першай службы па-беларуску да заснавання Пінскай каталіцкай епархіі (дыяцэзіі).

Ваша Эксэленцыя, ў год 60-ты працэса беатыфікацыі і 85-ты з дня смерці, просім Вас памаліцца ўсёй краінай за Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага, каб паскорыць справу. Просім Вас наведаць старажытныя могілкі ў Пінску, дзе пахаваны душпастар Лазінскага ксёндз Вітальд Тадэвуш Марыя Данілевіч-Чачот, які прайшоў з ім праз сумнавядомую турму «Бутырка». Магіла духаўніка Слугі Божага патрабуе рамонту, належнага нагляду, як і ўся каталіцкая частка могілак. Грамадскасць Пінска праводзіць добраўпарадкаванне па магчымасці і гэта таксама знак.

Ваша Эксэленцыя, мінае 85-ты год са дня смерці Лазінскага, гэта ўжо 3-4 пакаленне, але імя ягонае з гонарам гучыць на Палессі, што таксама несумнеўны знак цуда, пашаны і вялікага пасмяротнага аўтарытэту.

Ваша Эксэленцыя, складальнік ліста праваслаўны вернік для якога вялікае значэнне мае такі факт – штонядзельны шпацыр пінскага біскупа Казіміра Букрабы (чые бацькі пахаваныя на ўзгаданых могілках) і архіяпіскапа Аляксандра Іназемцава (чыя маці таксама пахаваная ў гэтым унікальным месцы) па пінскай набярэжнай альбо на лодцы па Піне. Іерархі імкнуліся да еднасці хрысціянскага свету і гэта найвышэйшая каштоўнасць.    

Пінск, 09. 07. 2017 г.

З павагай, Старшыня ГАГА «Садружнасць Палесся»

Дзмітрый Кісель 

Share Button