Сусветны дзень паэзіі — ў гонар Яўгеніі Янішчыц

На календары Сусветны дзень паэзіі, які штогод адзначаецца 21 сакавіка. У сувязі з гэтым літаратурным святам Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Інстытуцыйнага развіцця» ўзгадвае выбітную беларускую паэтэссу, ўраджэнку вёскі Рудка Пінскага раёна — Яўгенію Янішчыц (1948-1988). Паэтычная спадчына Яўгеніі Янішчыц — адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя.  


Сусветны дзень паэзіі — штогадовае свята, адзначаецца 21 сакавіка згодна з рэзалюцыяй трыццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ад 15 лістапада 1999 г. Згодна з рашэннем ЮНЕСКА, асноўнай мэтай зацверджання свята з'яўляецца падтрымка моўнай разнастайнасці праз магчымасці паэтычнага слова. Акрамя гэтага, гэты дзень мусіць садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, аднаўленню дыялогу паэзіі з іншымі відамі мастацтва: тэатрам, музыкай, жывапісам і г.д. Таксама надаецца ўвага заахвочванню выдавецкага бізнесу і стварэнню прывабнага вобразу паэзіі ў СМІ, каб мастацтва паэзіі больш не лічылася неактуальным.

Яўгенія Янішчыц. Крык душы, забойства ці няшчасны выпадак? 

25 лістапада – чорная дата для Беларусі, ў гэты дзень у 1988 годзе не стала яскравай прадстаўніцы сучаснай беларускай літаратуры, паэтэссы Яўгеніі Янішчыц. “Палеская ластаўка”, як яе называў Ніл Гілевіч, пакінула за свае імгненнае жыццё вялікую паэтычную спадчыну для Беларусі і стала адным з сімвалаў Палесся.

Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка (Пінскі р-н). Пасля заканчэння Парэцкай школы паступіла на філалагічны факультэт БДУ. У Мінску пачынаецца бурлівае жыццё дзяўчыны з Палесся. Дарэчы ў Парэччы, на базе мясцовай школы, з 1998 года дзейнічае музей імя паэтэссы, які ў 2013 годзе атрымаў статус “Народнага”. Наведаўшы яго, магчыма даведацца не толькі пра юнацкія гады праведзяныя на берагах Ясельды…

Літаратурная зорка Яўгеніі Янішчыц заззяла ў 1964 годзе, калі ў у часопісе “Бярозка” надрукавалі падборку яе вершаў. Першы зборнік “Снежныя грамніцы” ў творчай скарбонцы паэткі з’явіўся ў 22 гады. На студэнтку з палескай глыбінкі звярнулі ўвагу ды ўзялі апеку Ніл Гілевіч і Алег Лойка.

Трагічная смерць Яўгеніі Іосіфаўны па сёняшні дзень выклікае шмат пытанняў. Ёсць розныя версіі падзей 25 лістапада 1988 года, якія адбыліся ў Мінску ў нядаўна атрыманай трохпакаёвай кватэры на вуліцы Старажоўскай.

Няшчасны выпадак. Лічаць, што трагедыя здарылася з-за неасцярожнасці. Маўляў Яўгенія Іосіфаўна вешала ў той дзень памытую бялізну на балконе і аступіўшыся, выпадкова сарвалася.

Працяглая дэпрэсія. Шмат тых, хто мае дачыненне да вывучэння жыцця і дзейнасці паэтэсы, мяркуе, што адбыўся псіхалагічны надрыў. Сапраўды Янішчыц сама казала пра бытавыя цяжкасці, праблемы ў асабістым жыцці. З мужам разыйшліся, адная выхоўвала сына, жудасная аварыя пад Магілёвам, смерць бацькі… Досыць прыкры ланцуг, а тым больш для людзей творчых. Можа гэта плата за талент? Нехта з сучаснікаў Янішчыц сцвярджае, што яна мела думкі пра самагубства.

Забойства. Гэтая версія мае два бакі. Па-першае: знаходзячыся ў замежжы Яўгенія Ісофаваўна займела кантакты з беларускай палітычнай эміграцыяй, прадстаўнікамі беларускага ўраду ў выгнанні, што вельмі занепакоіла кампетэнтныя органы. Па-другое: канкурэнцыя альбо чорная зайздрасць у Саюзе пісьменнікаў СССР, нібы Яўгенію Янішчыц бачылі ў кіраўніцтве ўзгаданай арганізацыі. Тады такія структуры мелі значны ўплыў: ад “выбіцця” кватэр да аўтамабіляў.

Канечне, наўрад ці ў 1988 годзе спецслужбы пайшлі б на палітычнае забойства, час хутка зменьваўся. З-за пасады ў агульнасавецкай арганізацыі пісьменнікаў СССР? Таксама мала верагодна. Хутчэй за ўсё меў месца комплекс праблем. Бясспрэчна, што,, акрамя асабістых цяжкасцяў былі і зайздрасць, плёткі, розны бруд.

Што б ні здарылася 25 лістапада 1988 года, гэта чорны дзень для беларускай справы.

Далёка не кожны творца пры жыцці можа здабыць аўтарытэт, атрымаць прызнанне. Паэтычны лёс Яўгеніі Янішчыц ёй усміхнуўся. Мінаюць гады і спадчына “Палескай ластаўкі” ўсё больш прыцягвае аматараў літаратуры, набывае новае гучанне. Літаратурная зорка ззяе…

Зміцер Кісель, Медыя-Палессе

Share Button